• Інфармацыйна-турыстычны партал Белавежскай пушчыБеларусьвёска Белая, дом 6225063
  • info.npbp.by@gmail.com

Музей прыроды 

Музей прыроды нацыянальнага парку па сваім афармленні і багацці калекцый з’яўляецца адным з найбуйнейшых і найлепшых музеяў гэтага профілю ў Рэспубліцы Беларусь, прычым па колькасці наведвальнікаў (каля 150 тыс. чалавек у год) не мае сабе роўных у рэспубліцы.

Сучасны будынак эколага-асветніцкага цэнтра, у якім размяшчаецца Музей прыроды, пабудаваны ў 2009 годзе да святкавання 600-годдзя запаведнага рэжыму Белавежскай пушчы.У холе першага паверха знаходзяцца сувенірны кіёск, гардэроб, прыбіральні, крэслы для адпачынку, кава-аўтамат для аматараў гэтага падбадзёрлівага напою, усталяваны мультымедыйны праектар, дэманструюцца фільмы пра прыроду Белавежскай пушчы. 

Тут жа праводзяцца розныя выставы.Для замежных турыстаў прапануюцца экскурсіі на англійскай і нямецкай мовах (па папярэдняй заяўцы).Вялікай папулярнасцю ў наведвальнікаў карыстаюцца аўдыёгіды – індывідуальныя тэхнічныя прылады, якія прайграюць галасавы тэкст экскурсіі на рускай, англійскай, нямецкай і французскай мовах.Для правядзення канферэнцый, нарад і г.д. у будынку музея ёсць канферэнц-зала на 140 месцаў.У музеі маюцца 3 вялікія і 2 малыя тэматычныя залы агульнай плошчай 1320 кв.м., дзе прадстаўлены, у асноўным, фаўністычныя калекцыі з даданнем асобных элементаў расліннага свету. 

Экспазіцыі Музея прыроды выкананы вядучым прадпрыемствам Рэспублікі Беларусь “Унітарнае прадпрыемства “Мастацкі камбінат” (г. Мінск) і складаюцца з шэрагу блокаў, якія звязаны паміж сабой і наступны працягвае папярэдні. У іх канву ўплятаюцца матэрыялы, што ў храналагічным парадку раскрываюць гістарычнае мінулае Белавежскай пушчы. 

Экспазіцыі зроблены з максімальным набліжэннем да рэальнасці, адлюстроўваюць краявіднае багацце і насычанасць лясных экасістэм Белавежскай пушчы, ствараюць атмасферу прысутнасці сярод першабытнай прыроды. Уражанне ўзмацняюць гукі прыроды – шум лесу, гук дажджу, спевы птушак, рохканне і роў лясных жывёл, якія суправаджаюць падарожжа па музеі. 

Прымяненне фатаграфій лясных пейзажаў для афармлення задняга плана дыярам нібы рассоўвае іх межы і пашырае прастору.Каб паўней паказаць біяразнастайнасць рэгіёна, у залах музея размешчаны праекцыйныя экраны, на якіх дэманструюцца фатаграфіі прыродных і гісторыка-культурных аб’ектаў Белавежскай пушчы. 

Першая зала ўзнаўляе першапачатковыя этапы развіцця старажытнага белавежскага лесу і віды жывёл, якія зніклі з яго фаўны ў гістарычны час. 

У другой зале паказаны сезонныя асаблівасці і найбольш яскравыя рысы прыроды ў розныя поры года. Заснежаны зімовы лес, характэрныя карціны вясны, лета і восені даюць уяўленне пра жыццё насельнікаў пушчанскага лесу. 

Трэцяя зала музея адлюстроўвае біяразнастайнасць водна-балотных экасістэм пушчы, а таксама асобныя характэрныя эпізоды з жыцця лясных насельнікаў. 

Наведванне музея цікавае як дарослым, так і маленькім гасцям Белавежскай пушчы.