• Независимый информационно-туристический портал Беловежской пущи, Беларусь, аг. Каменюки
  • info.npbp.by@gmail.com
Назад к списку

5 тысяч турыстаў замест 50 скарысталася бязвізавым рухам у Белавежскай пушчы 

Але дырэктар беластоцкага турыстычнага агенцтва Junior Яўген Лаўранюк лічыць, што гэта вельмі добры вынік супрацы дзьвух краін.


“Раней у год мы мелі 1-2 тысячы турыстаў. Цяпер жа лічбы іншыя – толькі бязвізавым рэжымам скарысталася 5 тысяч турыстаў з Польшчы ды іншых краінаў Еўропы . Гэта вельмі добрая ідэя. Няхай яна рэалізуецца, і турызм развіваецца”, – адзначыў Яўген. 

Прыгадаем, што бязвізавы рух у Белавежскай пушчы адкрылі афіцыйна 12 чэрвеня 2015 года, калі выехала і першая група з Польшчы ў складзе журналістаў, і генеральны дырэктар нацыянальнага парку “Белавежская пушча” Аляксандр Буры, заявіў, што па самых сціплых падліках , на гэтым парк можа зарабляць не менш як Br25 млрд за год. 

“Штогод польскую частку пушчы наведвае больш за 150 тыс . чалавек. Па выніках праведзенага намі апытання , палова іх жадалі б наведаць беларускую частку пушчы. Таму мы прагназуем , што турысцкі паток вырасце як мінімум на 50 тыс.” , - растлумачыў кіраўнік Нацпарка. 

Яўген Лаўранюк дадае, што цяпер дастаткова звярнуцца ў турфірму за 2-3 дні да планаванай паездкі, і за гэты час будзе аформлены адмысловы дазвол на ўезд. Кошты таксама дэмакратычныя – 60-70 злотых разам з некалькімі квіткамі ў музеі, да гэтага дадаюцца аплаты за экскурсійнае суправаджэнне ў выпадку паездкі ў складзе турыстычнай групы. 

Яўген Лаўранюк адзначыў і тое, што польскія турысты сталі больш ахвотна наведваць і іншыя часткі Беларусі па візах. Найбольшай папулярнасцю пры гэтым карыстаюцца Гарадзеншчына і Берасцейшчына – Гародня, Наваградак, Мір, Жыровічы, Ліда, Ружаны, Пружаны, Берасце ды іншыя мясцовасці.Гэта ўжо не аднадзённыя экскурсіі, як у Белавежскую пушчу, а на некалькі дзён. 

На думку нашага суразмоўцы, на сітуацыю значна паўплывала і паляпшэнне стасункаў паміж афіцыйным Менскам ды Еўразвязам.