• Независимый информационно-туристический портал Беловежской пущи, Беларусь, аг. Каменюки
  • info.npbp.by@gmail.com
Назад к списку

Батлейка ў пушчанскай вёсцы

Гэта ў звычайны час жыхары вёсак па культуру і цывілізацыю едуць у горад. На Каляды ўсё можа быць наадварот: гараджанам, каб быць у трэндзе, прыйдзецца выйсці з зімовай спячкі, апрануцца цяплей і рушыць у Белавежскую пушчу. Але не ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза.


У вёсцы Стойлы Пружанскага раёна паказваюць традыцыйную беларускую батлейку (прэм’ера была 24 снежня). Зрэшты, у гэтай традыцыйнай батлейцы шмат і ўнікальнага. Мала таго, што спектакль адбываецца ў вёсцы – дык яшчэ і ў вёсцы, дзе стала не жыве ні адзін чалавек. Тыя самыя Стойлы, што доўга згадваліся як радзіма апошняга іх жыхара, разьбяра Мікалая Тарасюка, цяпер зусім абязлюдзелі. Але гасцей-турыстаў тут нават прыбаўляецца, дзякуючы неўтаймоўнай энергіі сямейнай пары Аляксандра і Ларысы Быцко. Жывучы ў Берасці, яны яшчэ пры жыцці майстра адкрылі тут аграсядзібу з акцэнтам на развіцці рамёстваў і традыцыйнага мастацтва. Ці прыносіць гэта грошы? Калі зрэдку і прыносіць, то несумненна не так, як бізнэс, накіраваны на абслугоўванне карпаратываў і вяселляў. Але хтосьці ж павінен аказваць паслугі і для дзівакоў. Кшталту тых, хто ў завіруху паедзе ў лес глядзець спектакль і есці традыцыйныя стравы.

Другая адметнасць новастворанай батлейкі – сінтэз аматарскага з прафесійным. Акторы – самі “Быцкі” – аматары, хоць пра гэта цяжка памятаць, слухаючы добра пастаўленыя галасы і выразныя інтанацыі. Няйначай у гэтым заслуга прафесіянала – народнай артысткі Тамары Цевасян, якая дапамагла падрыхтаваць ролі. За ўмоўнымі кулісамі знаходзіцца яшчэ адзін прафесіянал – гукарэжысёр Ігар Паляшэнка.

Але абсалютная ўнікальнасць стойлаўскай батлейкі – гэта яе матэрыяльнае выкананне. Рабілі яе ўсім рамесніцкім светам Берасцейшчыны. Найбольш працы знайшлося разьбярам, але давялося прыкласці руку да традыцыйнага тэатральнага мастацтва і мастакам іншых кірункаў. Напрыклад, Наталля Глявацкая зваляла з воўны трох авечак ля калыскі Ісуса. Марыя Кулецкая пафарбавала батлейку і выканала на ёй роспіс у даўнім пружанскім стылі. Фон для неба і пекла намалявала на тканіне Марына Марчук. 

Па драўляных фігурках герояў таксама можна лёгка пазнаць іх аўтараў. Класічныя рысы бацькоў Ісуса – гэта, несумненна, рука камянецкага майстра Анатоля Туркова. Без трохкутных арнаментальных узораў, як на фігурках Анёлаў і Цара Ірада, цяжка ўявіць сабе творчую манеру Уладзіміра Чыквіна. Фантазійнае выкананне Чорта і Смерці намякае на аўтарства майстра-філосафа Аляксандра Лазеркі. Ёсць тут таксама героі з-пад сякеры Сяргея Козела і Валерыя Манцэвіча.

Саму батлейку, “шафу”, у якой адбываецца дзеянне, зрабілі Вячаслаў Дароцька і Уладзімір Чыквін. На ўзор старажытных тэатраў яна мае тры роўні (неба, зямля, пекла), у адрозненне ад больш простых пазнейшых варыянтаў, калі рабілі ўсяго два паверхі, ці нават адзін.

Калядную батлейку ў Стойлах па запыце будуць паказваць да канца студзеня. А ў наступным годзе чакаецца некалькі іншых прэм’ер. Так што ў некаторым сэнсе калядны спектакль – гэта толькі якасная рэпетыцыя. І новая старонка ў рэгіянальным падзейным турызме.