• Независимый информационно-туристический портал Беловежской пущи, Беларусь, аг. Каменюки
  • info.npbp.by@gmail.com
Назад к списку

Як жыве апошняя жыхарка вёскі ў глыбіні Белавежскай пушчы 

Марыя Панько сустрэла нас са шчырай усмешкай. Нават сабачка ў яе аказаўся лагодны, зусім не палічыў патрэбным брахаць на чужых людзей. У пушчы ўсе жывуць асабліва. І першая адметнасць: насельнікі векавога лесу адзін аднаму надта не перашкаджаюць і нічога моцна не баяцца. Праўда, бабулька азы бяспекі захоўвае.


У Глыбокі Кут Марыя прыйшла замуж з суседняй вёскі ў 1954 годзе. З той пары і жыве. Хоць дзеці даўно клічуць пераехаць да каго-небудзь у добраўпарадкаваную кватэру, яна не хоча пакідаць родныя сцены. «У сваёй хаце найлепей. Я тут прывыкла, я ў гэтым лесе жыццё пражыла, мне цяжка ўзяць і перамяніць усё», — разважае пенсіянерка.

Недзе ў глыбіні душы яна разумее, што дзецям было б лягчэй перавезці маці да сябе, чым клапаціцца пра яе, наведваючы ледзь не праз дзень. «Нявестка мяне добра даглядае», — так яна гаворыць пра жонку сына Мікалая, які жыве бліжэй за ўсіх. Відавочна, 82-гадовай жанчыне пашанцавала з дзецьмі, бо не націскаюць, разумеюць інтарэсы і жаданні старога чалавека і падстройваюцца пад іх. Хату маці зрабілі максімальна зручнай для пражывання; усё што трэба, яна мае пад рукамі. У печы сама прапаліць, сякую-такую страву зварыць. Астатняе прывязуць. Градкі разбілі каля дому мініяцюрныя, нібы цацачныя, абы гаспадыні весялей было. А яшчэ на падворку гаспадарка ёсць — тры курачкі і певень. Таксама нейкі клопат. На большае ў Марыі Андрэеўны проста здароўя не хапае. Ногі баляць, ходзіць яна вельмі павольна, з кіёчкам, - паведамляе zviazda.by.

З ранку бабуля Маня выпускае курэй, прыглядвае за імі. Вельмі ганарыцца сваім пеўнем, які аднойчы біўся з каршуном і паспяхова вытрымаў абарону, пакуль гаспадыня з кіем не прытэпала і не стала крычаць. Тады драпежная птушка пакінула двор. Для курэй, праўда, ёсць загароджаны вальер з сеткай, але часам бабулька адпускае іх пагуляць па двары. Кажа, што яек к Вялікадню нанеслі дастаткова.

А яшчэ да яе на падворак нярэдка прыходзяць многія насельнікі пушчы. Казулі і алені часам пераскокваюць цераз плот і пасвяцца проста пад акном. Паводле яе слоў, не раз бывала: сядзіць гаспадыня з кубкам чаю пад вечар, а ў кухоннае акно казіная морда заглядвае. Тады яна стукае чым-небудзь па аконнай раме, і пужлівыя козачкі кідаюцца ў розныя бакі.

Дзікі бессаромна рыюць каля самага плота, і што ты з імі будзеш рабіць? Хоць бульбы тут ніхто не садзіць, буракоў таксама, яны па сваёй свінячай звычцы час ад часу ям ля агароджы наробяць.

А аднойчы да яе завітаў зубр. Цяпер Марыя Андрэеўна шчыра смяецца, а тады было не да смеху, бо прыняла яго за чалавека, спужалася. Надвячоркам нехта раптам стаў моцна грукаць у дзверы. Падумала, што ліхія людзі альбо п'яны які ломіцца. Стала крычаць з сенцаў: «Ідзі адсюль, я табе не адкрыю!» Грукат паменшыўся, але нешта стала шоргаць па сцяне. Тады бабулька цішком выглянула ў акно і ледзь не прысела: магутны зубр шмараваў рагамі па сцяне. Яна стала біць у што папала, усяляк стварала шум, грукат. Урэшце няпрошаны госць пайшоў.

Нездарма ж Марыя Панько столькі гадоў жыве ў пушчы, звычкі звяр'я ведае. Кажа, што да яе прыходзіў не зусім звычайны зубр. Хутчэй за ўсё, хворы, і па гэтай прычыне яго прагналі са статка, вось ён і соўгаўся, нібы пустэльнік, паводзіў сябе па-зубрынаму неадэкватна. Звычайна яны падыходзяць пад хату, калі ўдаецца ўнюхаць стажок сена на падворку. Нічога іншага здаровага зубра цікавіць не павінна. Раней, паводле яе слоў, недалёка пасвіўся зубрыны статак. Цяпер, дзякуй Богу, яго няма, звяры перайшлі ў іншае месца. І хоць падобны яны да вялікіх кароў, лепей усё ж ад іх быць далей. Хоць гэта, вядома не ваўкі.

Даўно ўжо, калі яшчэ быў жывы яе гаспадар, да іх неяк заявілася ваўчыца з вывадкам ваўчанят. Казалі, што яна прызвычаілася хадзіць на ферму, а да іх чаму прыблудзіла, невядома. Але спужалі факелам, і драпежнікі пабеглі ў лес. Так вось і жыве апошняя пастаянная жыхарка вёскі Глыбокі Кут у глыбіні пушчы. Суседства з дзікімі насельнікамі лесу яе не палохае. «Яны ж не кожны дзень прыходзяць», — гаворыць яна пра звяроў.

А кожны дзень тут стаіць асаблівая цішыня, правільней сказаць, птушыны рознагалосы хор на фоне цішыні і лёгкага ветру ў кронах высокіх дрэў. Гэта той самы рай на зямлі, за які турысты плацяць грошы. Наша гераіня кажа, што, бывае, заходзяць і турысты разам з егерам ці лесніком. Пасядзяць, пагавораць, вады пап'юць. Тут побач знаходзяцца паляўнічыя ўгоддзі Нацыянальнага парку. І бабулька добра інфармаваная, што на паляванне прыязджаюць аматары з еўрапейскіх краін, з Расіі. Цяпер паляванне — забава для нябедных людзей. А яна памятае часы, калі тут стралялі не для забавы, палілі дамы, выганялі людзей з дамоў і падворкаў.

Манечцы было сем гадоў, як пачалася вайна. Адзін з першых успамінаў яе дзяцінства, як бабуля накладвае ў торбачку хлеба, сала і пасылае яе ў ельнік аднесці лусту беглым палонным. З лагера, якіх уздоўж мяжы на пачатку вайны было нямала, уцякла групка нашых салдат. Хаваліся ў лесе. А немцы ўжо стаялі кругом, рыхтавалі «праграму» ачысткі пушчы ад людзей. Вось бабуля і выпраўляла малую ў спадзяванні, што на дзіця ніхто не зверне ўвагі. Яна да гэтай пары памятае, якія былі галодныя і змучаныя тыя салдаты, як дзякавалі дзяўчынцы. Так малая і насіла харчы ў схованку, пакуль не вывезлі іх саміх.

Як вядома, Белавежская пушча была падараваная Герынгу. Апошні хацеў зрабіць тут элітныя паляўнічыя ўгоддзі. І ўсіх жыхароў лясных вёсак было загадана выселіць, жытло іх спаліць, каб выключыць кантакты з партызанамі. Марыя Андрэеўна памятае, як выязджалі з бацькамі са сваёй вёскі. У сям'і было чацвёра дзяцей, бабуля. Сем чалавек селі на падводу, і не засталося месца, каб пакласці хоць якія рэчы. Тады бацька неяк выпрасіў яшчэ аднаго каня з возам, да якога прывязалі карову, забралі і курэй з гусямі. Вывезлі сям'ю пад Жабінку. Як яна кажа, працавалі бацькі ў пана. Вось гэтыя гады ў яе дзіцячай памяці асацыююцца з пастаянным жаданнем есці. У таго пана ўдосталь давалі толькі бульбы. Яшчэ бацькі па картках атрымлівалі ячменны хлеб. І вось на гэтых харчах маці ўтрымлівала сям'ю.

Яшчэ яна помніць, як бегала з іншымі малымі на чыгуначную станцыю. Там ехалі мадзьяры, аднойчы яны пачаставалі дзяцей падсмажаным на масле белым хлебам: «Гэта было так смачна, што цяпер няма з чым і параўнаць».

Пасля вайны вярнуліся дадому. «Хата спаленая, есці няма чаго. Памятаю, як хадзіла з суседскімі дзецьмі па вёсках на Вялікдзень, нам у кошычкі клалі яйкі. Нагараваліся...»

Але пра гэта Марыя Панько стараецца многа не гаварыць. Даўно было, шмат чаго забылася. Усе так жылі. І яны паступова разжыліся, адбудавалі хату, завялі гаспадарку. Потым выйшла замуж, выгадавалі з мужам чацвярых дзяцей. На працу хадзіла ў суседні калгас. Дзеці адзін за адным выраслі, раз'ехаліся.

На думку Марыі Андрэеўны, цяпер жыць добра. Нават да яе адной заязджае аўтакрама (гандлёвае абслугоўванне лясных вёсак ажыццяўляе Нацыянальны парк. — Аўт.), усё можна купіць. «Тэлевізар цяпер не гляджу, а больш слухаю, бо дрэнна бачу. Але ж цікаўлюся, што ў свеце адбываецца, у краіне, «навіны» ўключаю», — расказвае жыхарка вёскі Глыбокі Кут. — Летам дачнікі прыязджаюць, а зімой адна жыву. Дзеці часта праведваюць».

Затое на Вялікдзень да бабулі Мані прыязджаюць дзеці і ўнукі. Калі цёпла, стол накрываюць у альтанцы. Побач стаіць мангал, можна шашлыкі прыгатаваць. Асноўныя стравы нявесткі прыгатуюць загадзя, яек бабуля нафарбуе сама. Найлепшае для яе свята, калі ў хаце збіраецца ўся сям'я.

У Белавежскай пушчы нямала такіх лясных вёсак. І назвы ў іх адпаведныя: Яловы Груд, Глыбокі Кут, Пашуцкая Буда, Гвоздзь. Жыццё ва ўмовах Нацыянальнага парку накладвае свой адбітак. Прыехаць сюды можна, толькі атрымаўшы дазвол, інакш на КП проста шлагбаум не паднімуць. Як ужо гаварылася, нават гандлёвае абслугоўванне ажыццяўляе сам парк. Прыярытэт маюць толькі паштовая машына і транспарт экстранных службаў. Як і сто гадоў таму, у пушчы жывуць людзі.