• Інфармацыйна-турыстычны партал Белавежскай пушчыБеларусьвёска Белая, дом 6225063
  • info.npbp.by@gmail.com
Назад к списку

Калі ўзімку зуброў не карміць, яны пойдуць з Белавежскай пушчы 

Пра хатнюю жывёлу нашы бабулі і дзядулі не забывалі. Для каровы — сена на стойлавы сезон, салома на падсцілку, для птушкі — збожжа і камбікорм. Лёс лясных звяроў у халады ды сцюжу вяскоўцаў спрадвеку хваляваў мала. Хіба толькі ваўкоў баяліся, што ў пошуках ежы цягнуліся да вёсак у маразы. Сёння чалавек у лесе паводзіць сябе як гаспадар. Рэгулюе колькасць шэрых драпежнікаў, вынішчае дзіка як разносчыка АЧС. А вось зубрам — пашана і павага. 


Даведацца пра тое, як цару звяроў не даюць прапасці зімой, наш карэспандэнт адправілася ў Нацыянальны парк “Белавежская пушча”. Разам з вядучым навуковым супрацоўнікам, неафіцыйна — галоўным пушчанскім зубразнаўцам Аляксеем Буневічам мы праехалі каля сотні кіламетраў, а зуброў убачылі толькі здалёк.

Кандыдат біялагічных навук Аляксей Буневіч ведае кожны куток нацпарку — працуе ў ім з 1976 года. Буневіч упэўнены: калі волатаў не карміць, многія пойдуць з нацпарку. І наўрад ці выжывуць без людской дапамогі.

— Можа, так і трэба? Хай прырода рэгулюе, а не чалавек.

Аляксей Буневіч не хавае, што падобныя прапановы перыядычна гучаць з вуснаў навукоўцаў:

— Аптымальная колькасць для нацпарку — 350 асобін, а ў нас іх не менш за 550. Калі не падкормліваць, разбрыдуцца, пойдуць на палі гаспадарак. Падлеску ў пушчы недастаткова. А драўнінна-галінкавага корму ў рацыёне зубра да 30 працэнтаў павінна быць. Прычым толькі лістапарод: дуба, граба, ясеня, клёна, вярбы, рабіны, брызгліны...

У пушчы 8 падкормачных комплексаў. Прабіраемся па заснежанай лясной дарозе да аднаго з іх. Каля вёсачкі Ясень — павець, кармушка для рулоннага сена, карыта, саланцы... Для малых — яслі пад дахам, непрыступныя для бацькоў. Пад вечар на гэтую пляцоўку абавязкова прыйдуць зубры.

Рацыён — як для свойскай каровы: па 2 кілаграмы збожжа на галаву штосутачна — ячмень, трыцікале, авёс, 20 кілаграмаў сена, 15 сіласу, плюс буракі, морква. Гародніну раскідваюць на пляцоўцы разам з сіласам.

Саланцы для зуброў змешчаны ва ўкапаных у зямлю дубовых бярвёнах — звяры любяць пагарэзнічаць, памахаць рагамі. Для аленяў жа мацуюцца на асінавым слупе. Соль сцякае, і яны ліжуць дрэва. А знізу слуп падгрызалі дзікі. Калі яшчэ жылі ў пушчы. 

Але палова зуброў ігнаруе падкормачныя пляцоўкі. Дзе шукаюць ежу? На ўнутраных пушчанскіх палях, для іх засеяных, пасуцца. Выходзяць, вядома, і за межы Нацпарку.

Як крыху пацяплее, пачнецца зімовы падлік звяроў. Улік праводзіцца на падкормах. Узроставая градацыя такая. Дарослыя самцы і самкі — старэйшыя за 4 гады, год-паўтара — гэта маладняк, напаўдарослыя — да трох з паловай, старыя — пасля 15 гадоў.

Аляксей Мікалаевіч наракае, што падлік — справа няпростая:

— Чалавек падыходзіць — звяры збіваюцца ў кучу. Тады бярэм фотаапарат, здымаем, потым у камп’ютар — павялічваем і лічым. Ёсць самцы-адзіночкі. Яны толькі ноччу выходзяць. Для гэтых выпадкаў цеплавізар купілі.

Едзем да наступнай пляцоўкі. Раптам Аляксей Буневіч спыняе аўтамабіль, бярэ бінокль. У полі — сяголетак. Палохаецца, убачыўшы чалавека, няспешна зрываецца. З-пад ног вылятае крумкач. Чакае ён трапезы, адчувае, што малое ўпадзе знясіленае. Пазней даведаемся: зубраня вярнулася ў статак. Сёння браканьеры — галоўныя ворагі зуброў, але яшчэ разарваць іх могуць і ваўкі. Буневіч успомніў, як зграя з васьмі ваўкоў напала на маладняк. Яшчэ адзін выпадак здарыўся са старой адзінокай самкай, яе таксама разарвалі шэрыя драпежнікі.

Рухаемся далей. Ад рову прабіваючай каляіну машыны схамянуліся качкі, што плаваюць у канаве. Пакружыўшы, вярнуліся на ваду. Марознае паветра робіцца больш сцюдзёнае. Здалёк заўважылі статак зуброў на падкормачнай пляцоўцы. Але не падпускаюць блізка. Ідуць у лес. 

Дзень 11 лістапада 2015 года ў жыцці Аляксея Буневіча мог стаць апошнім:

— Пазванілі егеры, распавялі, што ў Івацэвіцкім раёне каля Косава фурай траўміраваны зубр. Нібыта нага перабіта. Мы паехалі разбірацца. Я пайшоў да зубра. Той падняўся. Глядзіць. Здаровы такі. І раптам як грабянуў нагой, перабітай нібыта, і, як заяц, пабег на мяне. Я за елку — ён з іншага боку. Дагнаў, збіў з ног. Умомант успомніў, як у Амяльянцы школьнікаў атакаваў зубр. Малое ўпала каля ядлоўца на спіну, нагамі — зубру ў лоб штурхала. І я таксама — на спіну. У зубра адна мэта — падняць на рогі. Нагамі, што было моцы, упіраюся ў лоб. А мае спадарожнікі стаяць, не ведаюць, што рабіць. Хто ўцякаць, хто ў машыну. Зусім не ратуюць. Потым ужо пачалі крычаць. Адпоўз, гляджу — зубр ужо страціў да мяне цікавасць. У яго быў траўміраваны мозг, як высветлілася, а не нага.

У пушчы даўно вызначыліся: зубра трэба карміць. На 5 месяцаў (а на падкормачныя пляцоўкі, нагадаю, прыходзіць толькі працэнтаў 50 зуброў) трэба 625 тон сіласу, 384 тоны караняплодаў, 768 тон сена, 150 тон канцэнтраваных кармоў. У грашовым выражэнні вячэры волатаў абыходзяцца амаль у 57 тысяч рублёў. Шмат? Мала? Нам з вамі, зрэшты, да гэтага не павінна быць ніякай справы. Грошы на падкормку з бюджэту ідуць мізэрныя, усе з даходаў нацпарку. У тым ліку і ад палявання.

Успомнілі, як шэсць гадоў таму на інтэрнэт-аўкцыён за 40 тысяч еўра была выстаўлена ліцэнзія на адстрэл зубра

Аляксей Буневіч кажа, што такое больш не спрабавалі паўтараць:

— Самец быў нездаровы. Памёр. Грамадскасць прыняла ідэю аўкцыёну ў штыкі. Хоць зуброў у нас усё ж адстрэльваюць з дазволу Мінпрыроды. Да 10 асобін штогод выбракаваных, хворых.

На жаль, павольна, але дакладна ідзе збядненне генафонду.

Аляксей Буневіч спадзяецца, што калі-небудзь у нацпарку ўсё ж з’явіцца навукова-селекцыйны цэнтр: 

— Каб выправіць сітуацыю і нават выключыць зубра з Чырвонай кнігі, пад кіраўніцтвам навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук мы стварылі канцэпцыю цэнтра па вывучэнні, захаванні і ўстойлівым выкарыстанні папуляцыі зуброў “Нікор”. Ставілі за мэту племянную работу, мерапрыемствы па доўгім захаванні зубра як біялагічнага віду з максімальна магчымай генетычнай разнастайнасцю. Але гэты беларуска-расійскі праект прыпынены. Няма дастатковых фінансаў.

Чалавек мяркуе, плануе — час і жыццё расстаўляюць прыярытэты. Што будзе з зубрам, якога мы лічым нацыянальным здабыткам, праз 10, 20, 30 гадоў? Навукоўцы ўпэўненыя, што, калі чалавек пакіне волата без увагі, адпусціць на волю лёсу, праз сто гадоў мы не ўбачым зубра нават у вальеры.