• Независимый информационно-туристический портал Беловежской пущи, Беларусь, аг. Каменюки
  • info.npbp.by@gmail.com
Назад к списку

Пекла для людзей — рай для зьвяроў 

У 1996 годзе  зь Белавескай пушчы ў Палесскі радыяцыйны запаведнік завезьлі 16 зуброў. За 31 год папуляцыя вырасла амаль у дзесяць разоў. І хоць гэта вялікая папуляцыя, шанцы сустрэць зубра ў прыродзе вельмі малыя.


Самы дзікі лес Беларусі, а можа і ўсёй Эўропы, — каля Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, на самай мяжы з Украінай. Пасьля аварыі 26 красавіка 1986 году 30-кілямэтровую зону вакол АЭС цалкам адсялілі. За 21 год у гэтай частцы прыпяцкай даліны ўтварыліся палескія джунглі — ідэальнае месца для зьвяроў і птушак.

Зь беларускай зоны адчужэньня і навакольнай тэрыторыі ў 1988 годзе ўтварылі Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалягічны запаведнік. З прычыны высокага ўзроўню радыяцыі тут забаронена паляваньне, а гаспадарчая дзейнасьць вядзецца толькі на некалькіх экспэрымэнтальных пляцоўках. 

Плошча ўсёй адселенай тэрыторыі запаведніка — 2154 квадратныя кілямэтры. Гэта сувымерна з тэрыторыяй двух раёнаў Беларусі. Пастаянна тут ніхто не жыве. Толькі навукоўцы прыяжджаюць на вахтавую працу.

Усе ўезды ў запаведнік закрытыя. Трапіць сюды можна толькі праз кантрольна-прапускны пункт па спэцдазволе. Без кантролю тут перамяшчаюцца выключна жывёлы. 

Сяргей Смалоўскі працуе ў запаведніку трынаццаты год. Вядучы паляўніцтвазнаўца, ён добра ведае месцы расьсяленьня папуляцыяў. Але нават дасьведчанаму супрацоўніку запаведніка нячаста выпадае сустрэць зуброў у лесе. 

"Я вось засаджваю палі аўсом, на палях іх можна пабачыць, — кажа Смалоўскі. — І тое, калі машына пад’яжджае, яны адразу ў лес хаваюцца. Яны вельмі асьцярожныя".Адзіны шанец пабачыць дзікіх зуброў — падчас зімовай падкормкі. У зоне адчужэньня ёсьць зубрагадавальнік "Майдан". Ад лістапада да красавіка зубры прыходзяць сюды карміцца.

Каб трапіць у зубрагадавальнік "Майдан", трэба праехаць два КПП. Першы — на ўезьдзе ў запаведнік. Тут пачынаецца зона адсяленьня. Побач з КПП разьмешчаны навуковы аддзел, дзе працуюць каля 40 навукоўцаў.Другі КПП — ужо на ўезьдзе ў 30-кілямэтровую зону адчужэньня, запаведную зону, дзе чалавек не вядзе аніякай дзейнасьці. Гэта самае забруджанае радыенуклідамі месца ў сьвеце. Больш за 7 гадзін чалавеку тут быць нельга. Таму егеры прыяжджаюць у зубрагадавальнік толькі на дзень працы. З "чыстай зямлі" яны прывозяць ваду і ежу. Спажываць у ежу хоць што-колечы мясцовае катэгарычна забаронена."Майдан" — адзіны зубрагадвальнік на тэрыторыі запаведніка. Штогод 1 лістапада, як па раскладзе, сюды прыходзяць зубры. У халодны сэзон іх падкормліваюць аўсянай мукой і сенам. Даюць і брыкеты солі, якія стымулююць імунітэт. 

Аб 11-й гадзіне дня егеры высыпаюць муку ў кармушкі, а трактар вывозіць цюкі зь сенам. За месяц зубры зьядаюць да 12 тон сена і да 4 тон мукі. Сена нарыхтоўваюць у экспэрымэнтальнай гаспадарчай зоне запаведніка.

Са 150 зуброў да кармушкі прыходзіць пад чвэрць. У самыя лютыя маразы — да 50–70 асобінаў. У звычайныя дні — каля 30–40. Цяпер папуляцыя разьдзеленая на 13 групаў. Некаторыя сышлі ў глыб запаведніка і нават ня ведаюць, што тут ёсьць падкормка. 

"Ежы тут хапае, — кажа Смалоўскі. — Ім тут утульна. Вось гэты падрост — добрыя кусты, дрэвы — гэта іхняя ежа. Дваццаць тысяч гектараў! Еж што хочаш!"

Зубры за плотам, кармушкі з мукой, сена ў цюках — усё гэта нагадвае вальеры заасаду. Але ў радыяцыйным запаведніку ў вальерах не жывёлы, а людзі. Навукоўцы прыяжджаюць сюды ў лічаныя мясьціны, абгароджаныя плотам. А навокал на тысячах гектараў вольна перамяшчаюцца жывёлы. 

"Камусьці Чарнобыль — гора, затое зьвярам — рай", — кажа Смалоўскі. 

Навукоўцы ў запаведніку вывучаюць уплыў радыяцыі на расьліны і жывёлаў. Але за такі кароткі прамежак часу адназначныя высновы зрабіць цяжка.

"Мала часу мінула, — кажа Смалоўскі. — Радыяцыя — гэта ж такая справа: трэба, каб хаця б 50 год прайшло. Будзе бачна штосьці. А можа, і ня будзе". 

Пэрыядычна для навукоўцаў егеры адлоўліваюць жывёлаў. І часта выходзіць, што ў адным статку сустракаюцца жывёлы з моцным узроўнем забруджваньня і цалкам чыстыя.

"Вось, глядзіце, усе маляняты прыгожыя, здаровыя. Можа, празь якіх дзесяць пакаленьняў што і зьменіцца".

У прыродзе самкі і самцы жывуць асобнымі групамі. Разам яны зьбіраюцца толькі ў шлюбны пэрыяд. А таксама каля зубрагадавальніка. Адсюль і несвоечасова народжаныя зубраняты. Замест траўня яны нараджаюцца ў кастрычніку.

На першы погляд, самкі і самцы мала чым адрозьніваюцца — вялікія бурыя жывёлы, дый усё тут. Але Смалоўскі пярэчыць. 

"Яны ж абсалютна розныя. Вось самец здаровы стаіць, гарбаты. А вось самачка. Яна ж да жанчыны і падобная. Яны розныя ўсе. Як і людзі".

Чым далей едзеш у глыб запаведніка, тым дзічэйшыя мясьціны вакол дарогі. Зона адчужэньня цалкам належыць прыродзе. Тут не расчышчаюць завалы, старыя дрэвы не прыбіраюць, і прыгожай пэрспэктывы ўглыб лесу ніадкуль не відаць: усё пазаростала.

"Тут выключна дзікая прырода, — кажа Смалоўскі. — Натуральная плынь часу. І вось тут — дзікая папуляцыя зуброў. Вольная. Палеская".

Папуляцыі розных відаў тут рэгулюе выключна прырода. Ваўкам дастаюцца слабыя асобіны казуляў, аленяў і дзікоў. Як толькі ў Беларусі дзікоў пачалі зьнішчаць (у самім запаведніку гэта забаронена, таму іх адстрэльвалі ўздоўж межаў), папуляцыя ваўка таксама скарацілася. Для іх стала менш ежы.

Па словах Смалоўскага, тут можна сустрэць ці ня ўсе віды зьвяроў. Рысі, мядзьведзі, ласі, казулі, алені, выдры, норкі, барсукі. За ўсімі назіраюць навукоўцы. Акурат тыдзень таму праводзіўся ўлік ваўкоў зь верталёта.

"Зьвяроў тут ні шмат, ні мала. Нармальна. Прырода сама рэгулюе, колькі трэба. У прыродзе ўсё як мае быць".

Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік — найлепшае месца для зуброў у Беларусі. Так кажа Смалоўскі. Нават у Белавескай пушчы, самым старым лесе Эўропы, ім ня так добра жывецца. Па-першае, на меншай тэрыторыі там жыве ў тры разы большая папуляцыя. Па-другое, дзейнасьць чалавека ў пушчы больш актыўная, чым у забруджанай зоне. 

"Самае галоўнае, што тут у натуральнай прыродзе ўсё. Зьвяры сябе адчуваюць цудоўна".