• Независимый информационно-туристический портал Беловежской пущи, Беларусь, аг. Каменюки
  • info.npbp.by@gmail.com
Назад к списку

Роўбіцкі  пазітыў

Аграгарадок Роўбіцк тэрытарыяльна ўваходзіць у Сухопальскі сельсавет. У  выходныя музыка і песні адсюль былі чутныя ў розных кутках Белавежскай пушчы. У Роўбіцку свята аграгарадка адзначылі шумна, весела, з песнямі і скокамі, з сапраўдным пушчанскім каларытам – відаць, рыхтаваліся да яго доўга і грунтоўна.


У гэты дзень было шмат вершаў, падарункаў, віншаванняў, якія закранулі сэрцы і душы ўсіх, хто прыйшоў на свята. Вакол былі ўсмешлівыя твары і адчуванне таго, што вёска жыве і пра яе памятаюць. І нават прырода ў гэты дзень радавалася разам з усімі – дзень выдаўся цёплым і сонечным.

Для адкрыцця свята слова далі старшыні Сухопальскага сельвыканкама Міхаілу Мартынаву. Ён павіншаваў жыхароў і гасцей, успомніў важныя моманты з багатай гісторыі вёскі Роўбіцк, якая налічвае ўжо паўтысячы гадоў. Ён таксама адзначыў, што дзякуючы неабыякавасці і актыўнасці дружных і працавітых жыхароў вёска мяняецца ў лепшы бок.

Услед за ім з пажаданнем дабра і працвітання выступіў дырэктар ААТ «Роўбіцкае» Мікалай Пстыга:

– Працавітыя і сціплыя, не прывыклыя да славы, вы – сапраўднае ўпрыгажэнне сяла! Я дзякую лёсу за тое, што жыву ў гэтым райскім кутку зямлі, у гэтым блаславёным краі, за тое, што, куды б мяне ні закінуў лёс, душой буду імкнуцца да роднай хаты, да бацькоўскага парога, да самых дарагіх людзей...

Пасля такіх слоў у многіх яго аднавяскоўцаў на вачах выступілі шчырыя слёзы.

У гэты дзень арганізатары мерапрыемства знайшлі цёплыя словы для кожнага жыхара вёскі. Першай прымала падарункі самая маленькая жыхарка Роўбіцка – Настачка Карнялюк, якой 31 жніўня споўніўся месяц. Безумоўна, пакуль у Роўбіцку будуць нараджацца дзеці, ён будзе жыць...

На свяце ўспомнілі таксама ветэранаў, тых, хто прайшоў цяжкімі франтавымі дарогамі і цудам вярнуўся ў роднае сяло. Аб цяжкіх выпрабаваннях 1941 года, якія давялося перажыць жыхарам Роўбіцка, пра масавыя расстрэлы ў Белавежскай пушчы, пра юнакоў і дзяўчат, вывезеных у канцлагер пад Беласток, аб сагнаных у Германію аднавяскоўцах нагадаў апошні ветэран Вялікай Айчыннай вайны Леанід Вакула (дасць Бог, у наступным годзе ён будзе адзначаць свой 90-гадовы юбілей).

Цяжкі рахунак прад’явіла і вайна ў Афганістане: не вярнуўся ў родную сям’ю Аляксандр Баран, у гонар якога сёння названа адна з вуліц вёскі. Малады, не пазнаўшы радасць кахання, ён пайшоў са зброяй выконваць загад і застаўся назаўжды юным у памяці сваіх аднавяскоўцаў. Хвілінай маўчання яны ўшанавалі ўсіх сваіх герояў...

Шмат цёплых і сардэчных слоў было прысвечана старажылам, тым, хто доўгія гады працавалі на карысць роднай вёскі. Самай старэйшай з іх, Ганне Клімец, у гэтым годзе споўнілася 92 гады – такі сталы ўзрост не замінае ёй да гэтага часу выпраменьваць аптымізм.

Ушаноўвалі і шматдзетныя сем’і. У ліку тых, хто пабудаваў дом, пасадзіў дрэва і выгадаваў траіх і больш дзяцей, прымалі падарункі і найлепшыя пажаданні сямейнага дабрабыту і моцнай любові Уладзімір і Алена Кацюкі, Сяргей і Ірына Шчэрбы.

Працаўнікі сельскай гаспадаркі, настаўнікі, выхавальнікі, медработнікі, моладзь, работнікі сацыяльнай сферы і культуры і проста таленавітыя майстравыя людзі – кожны віноўнік урачыстасці не застаўся без увагі і невялікага музычнага падарунка ад самадзейных артыстаў Роўбіцкага СДК.

Дадалі разнастайнасці ў святочную праграму і вясёлыя конкурсы, удзельнікі якіх атрымалі заслужаныя прызы. Атмасферу свята падтрымалі і дзіцячыя атракцыёны, і шчодрыя пачастункі. Прагаладацца ў Роўбіцку не далі нікому – нездарма аб гасціннасці і шчодрасці жыхароў гэтай вёскі ходзяць цэлыя легенды! На працягу ўсяго свята панавала лёгкая, душэўная і пазітыўная атмасфера, спакой якой парушыў салют.

– Дай Бог нам сустракацца кожны год, прыязджаць сюды, прывозіць дзяцей і ўнукаў! – казалі на развітанне госці, якія раніцай раз’ехаліся хто куды: у Брэст, Гродна, Мінск, павезлі з сабой тое, што нельга знайсці ні ў адным сталічным супермаркеце – любоў да роднай зямлі.

Нечаканыя падарункі атрымалі жыхары Роўбіцка ад спевака Генадзя Станіславенкі, які нядаўна пасяліўся ў вёсцы Глыбокі Кут: падчас святаў кожнай з вёсак маскоўскі шансанье парадаваў сабраўшыхся сваімі песнямі; вядучыя свята; юная спявачка Іра Купраш.