• Независимый информационно-туристический портал Беловежской пущи, Беларусь, аг. Каменюки
  • info.npbp.by@gmail.com
Назад к списку
У Белавежскай пушчы адзначаны вельмі рэдкі падчас транзітных міграцый від птушак

Сустрэча з маранкай стала прыемнай нечаканасцю падчас правядзення арніталагічнага тура “Птушкі першабытнага лесу”  на копанцы “Прамежкавы” (побач з дамбай вадасховішча Ляцкое) для бёрдвотчараў з Бельгіі.


"Заўважыўшы птушку, я адразу вызначыў, што гэта маранка (Clangula hyemalis)", - распавядае навуковы супрацоўнік Нацыянальнага парка Вадзім ПРАКАПЧУК. - "Да гэтага маранка ў Белавежскай пушчы фіксавалася толькі аднойчы – 28 красавіка 2003 года. Тады аднаго самца на вадасховішчы Ляцкое ў зграі чубатай чэрнеці заўважыў малодшы навуковы супрацоўнік нацыянальнага парку Андрэй АБРАМЧУК. Назіранне 2003 года было зарэгістравана Беларускай арніта-фаўністычнай камісіяй (БАФК)", - распавядае Вадзім.

"Раней гэты від адзначалі ў Беларусі толькі падчас восеньскай міграцыі альбо ў час зімовак", - дадаў Вадзім ПРАКАПЧУК.

Маранка – прадстаўнік сямейства качыных, невялікая палярная нырковая качка. Гэты від лягчэй за ўсё вызначаецца па вельмі доўгім і тонкім хвасце самцоў, які ўвесь час знаходзіцца ў прыпаднятым над паверхняй вады стане. Як і ў пераважнай большасці іншых качак, апярэнне самкі і самца значна адрозніваецца. Акрамя таго, унікальнай асаблівасцю гэтага віду з’яўляецца трохразовая (у іншых птушак адзін ці два разы) лінька за год, у выніку чаго качары маюць асаблівыя зімовы, шлюбны і летні ўборы. У самкі можна вылучыць толькі два тыпы апярэння – летні (з мая па жнівень) і зімовы.