• Інфармацыйна-турыстычны партал Белавежскай пушчыБеларусьвёска Белая, дом 6225063
  • info.npbp.by@gmail.com
Назад к списку

Cамым памятным Сяргей Літвіновіч лічыць медаль «За адвагу на пажары» 

Свой 80-гадовы юбілей Сцяпан Пятровіч Літвіновіч адзначыў 1 сакавіка бягучага года. Усё сваё жыццё ён пражыў на ўскрайку Белавежскай пушчы: нарадзіўся ў в.Мыльніск, а зараз жыве ў Белым Ляску. 


Як многія яго саслужыўцы, Літвіновіч трапіў на службу ў міліцыю пасля арміі. Яго, як адказнага, з высокімі маральнымі якасцямі чалавека, адразу накіравалі ў атрад па ахове спецаб’екта ў Віскулях. За плячыма маладога чалавека тады была з адзнакай закончаная школа механікаў, работа на цаліне. А ў 1959 годзе ён стаў малодшым сяржантам міліцыі

Пра сваю службу Сцяпан Пятровіч, калі б пажадаў, то мог бы напісаць кнігу — з гісторыямі з жыцця палітычных дзеячаў таго часу. Прычым не толькі Савецкага Саюза, але і многіх сацыялістычных дзяржаў. Але хаця ён на працягу ўсёй службы знаходзіўся каля першых персон, яна не была лёгкай: хапала і цяжкасцей, і нават небяспекі.

Сярод узнагарод ветэрана ёсць знак «Выдатнік міліцыі», медалі «За працоўную адзнаку», «За выдатную службу па ахове грамадскага парадку», але самым памятным С.П.Літвіновіч лічыць медаль «За адвагу на пажары».

— Мы паехалі на вяселле ў в.Хвалава. Якраз у той момант, калі прыступілі да падзелу каравая маладых, наляцела хмарка, ударыла маланка. І так атрымалася, што трапіла яна ў кароўнік, паблізу ад вёскі. Будынак, у якім знаходзілася больш за 100 кароў, адразу запалаў. Мы кінуліся на дапамогу. Жывёлы былі прывязаны, і мы ўтраіх, абдзіраючы рукі ў кроў, адвязвалі іх. На руках выносілі цялят, калі са столі падалі на нас палаючыя бэлькі. Выратавалі амаль усіх, пакуль прыехалі пажарныя. Менавіта за гэта я быў адзначаны медалём і транзістарным прыёмнікам.

33 гады праслужыў Сцяпан Пятровіч на ахове аб’екта ў Віскулях, а загад аб адпраўцы на заслужаны адпачынак атрымаў якраз у той дзень, калі было падпісана пагадненне аб развале Савецкага Саюза.