• Независимый информационно-туристический портал Беловежской пущи, Беларусь, аг. Каменюки
  • info.npbp.by@gmail.com
Назад к списку

У Белавежскай пушчы пачалася агітацыя за малы памежны рух (ФОТАФАКТ)

6 гадоў таму Палата прадстаўнікоў і польскі Сэйм ратыфікавалі пагадненне пра малы памежны рух, што дазволіла б жыхарам сумежных тэрыторый Польшчы і Беларусі перасякаць мяжу бяз візы. Аднак Аляксандр Лукашэнка не захацеў паставіць свой подпіс і заблакаваў ужо падрыхтаванае рашэнне. 


Сустаршыня „Беларускага Дома” Алесь Зарэмбюк у інтэрв'ю Радыё Рацыя  зазначае, што грамадзянам Беларусі трэба распавядаць пра такую магчымасць: "Вельмі невялікая колькасць беларусаў ведае пра малы памежны рух. Вось мы сутыкаемся, размаўляем, распавядаем, што ёсць гэтая дамова, што гэта дазваліць вам ездзіць без візы. Знаходзім вельмі шмат пазітыўных водгукаў – і ад беларусаў, і ад палякаў. Беларуска-польскае памежжа павінна быць бязвізавым, яно павінна мець малы памежны рух, і мы, суседзі спрадвек, павінны камунікаваць, павінны гандляваць".

Першыя інфармацыйныя ўлёткі былі раздадзены актывістамі  на памежным пераходзе “Белавежа – Перароў”. Пачынаючы з мінулага года грамадзяне Польшчы могуць наведаць без візы беларускім бок Белавежскай пушчы, але людзі з абодвух бакоў мяжы чакаюць на большыя змены:  

– Многа людзей з Гайнаўкі, Белавежы, з Бельска Падляшскага, з Беластоку маюць у Беларусі сваякоў і хацелі б да іх паехаць. Аднак не кожны можа атрымаць візу. 

– Я раблю візу без праблем, яна ў мяне бясплатная. А людзям сапраўды было б выгадна, каб без візаў было.

– Маем там па мужу сваякоў. Некаторыя ўжо адыйшлі ў вечнасць. Але хацелі б адведаць тых, хто застаўся. У нас ужо і ўзрост сур’ёзны. Не ведаю, ці дачакаемся, каб паехаць. 

У сваю чаргу Алесь Зарэмбюк дадаў, што ўвядзенне бязвізавага рэжыму на тэрыторыі Белавежскай пушчы – гэта ўжо крок у добрым кірунку.