• Независимый информационно-туристический портал Беловежской пущи, Беларусь, аг. Каменюки
  • info.npbp.by@gmail.com
Назад к списку

Сухопаль адзначыў сваё 375-годдзе 

Рыхтаваліся да яго грунтоўна: пагутарылі са старажыламі, вывучылі краязнаўчыя матэрыялы. 


Аказваецца, гісторыя гэтай вёскі цесна звязана з Белавежскай пушчай. З вуснаў у вусны перадаецца сярод мясцовых жыхароў паданне, як чатыры гаспадары, якія прыйшлі ў Клятнянскі лес з сякерамі – нарыхтоўваць драўніну – сталі заснавальнікамі Сухопаля. 

Падзеі савецкай эпохі ўзгадвалі ўжо не па паданнях: менавіта з калгасам, утвораным тут у 1940 годзе, тым ці іншым чынам звязаны лёсы і цяперашніх сухопальцаў. “Іскра” (такую назву насіў калгас з 1957 да 2008 года) пэўны час была адным з раённых лідараў сельскагаспадарчай вытворчасці. Адпаведна ў сярэдзіне мінулага стагоддзя тут з‘явілася шмат новых будынкаў, у тым ліку Дома культуры, школы, рос дабрабыт вяскоўцаў. Пасля рэарганізацыі Сухопаль далучылі да ААТ “Жураўлінае”.

Вядучыя ўзгадалі былых педагогаў і медработнікаў, работнікаў мясцовага спажывецкага таварыства і вясковай сталоўкі, што некалі славілася на ўсю акругу, назвалі і тых, хто сёння вучыць і лечыць сухопальцаў, аказвае ім разнастайныя паслугі, арганізоўвае вольны час. У іх гонар спявалі аматары самадзейнасці. Падвялі і вынікі конкурсу “Квітнеючы Сухопаль” – лепшым кветкаводам уручылі падарункі старшыня Сухопальскага сельвыканкама  і намеснік дырэктара  ААТ “Жураўлінае”.

Але ўсё гэта было толькі малой часткай сапраўднага свята, якое дазволілі сабе ў гэты дзень працавітыя сухопальцы. У рамках яго праводзіўся парад калясак – менавіта ў дзетках будучыня аграгарадка, ляцелі ў неба паветраныя шары, наладжваліся гульнявыя і спартыўныя праграмы для дзяцей і дарослых, дыскатэка, з канцэртам выступілі вакальная група “Надзея” са Сланімцоўскага сельскага клуба і госці са Слабудскага СДК, а калі сцямнела, на пляцоўцы перад Домам культуры затанцавалі агні фаер-шоу.