• Независимый информационно-туристический портал Беловежской пущи, Беларусь, аг. Каменюки
  • info.npbp.by@gmail.com
Назад к списку

У гасцях у пана Багновіка 

Другі раз на ўскрайку Белавежскай пушчы ў Пружанскім раёне прайшоў фестываль “Крыніца – грыбоў сталіца”.


Аматарам “ціхага палявання” бавіць час у гэтых мясцінах – адно задавальненне.Лясы Пружанскага раёна густыя, высокія, старадаўнія. Адчуваецца моц і веліч самой царыцы Пушчы. Яна шчодра адорвае мясцовых жыхароў сваімі скарбамі – нездарма ўжо другі год запар вёска Крыніца Шарашоўскага сельсавета сустракае гасцей грыбнога фестывалю.

З розных бакоў на святочную пляцоўку ў вёсцы Крыніца падцягваліся людзі-грыбы ў яркіх касцюмах – удзельнікі маляўнічага шэсця. Кіраваў імі пан Багновік – так мясцовыя жыхары называюць грыб махавік. Світа галоўнага персанажа складалася з творчых калектываў клубных устаноў Пружанскага раёна. 

Вось непадалёку праходзіць жанчына з вялізным грыбным капялюшам на галаве. Усё яе адзенне – белага колеру, капялюш – карычневы. Робім выснову: перад намі баравік уласнай персонай. Твар спакойны, нібы быць грыбам – звычайная справа. А вось мужчына ў вобразе мухамора: чырвоны капялюш з белымі кропкамі. Усё прадумана да дробязяў у казачным адзенні ўдзельнікаў свята. Калі міма праходзіла дзяўчынка ў вобразе грыба лісічкі, адразу кінулася ў вочы: яе капялюшык быў не проста рыжага колеру – сваімі выгібамі і прыўзнятасцямі ён нагадваў сапраўдны грыб, нават зваротны бок капялюшыка быў складкавы.

Людзі-грыбы закружылі галаву сваім неардынарным выглядам: пад таямнічую, казачную мелодыю яны выходзілі з боку лесу, пабліскваючы рознакаляровымі капелюшамі. Відовішча незвычайнае, захапляючае і, несумненна, казачнае. Грыбная феерыя, інакш і не скажаш!

У рамках фестывалю праводзілася некалькі конкурсаў. Самы чаканы – “За грыбным шчасцем”. У лес адправіліся 12 чалавек, рашаючы момант спаборніцтва – агульная вага кошыкаў з грыбамі. 

Пераможцам стаў Мікіта Лапука з вёскі Бакуны, які сёлета скончыў школу. Хлопец пайшоў у лес раніцай, у 6 гадзін, і вярнуўся дамоў з вялікай здабычай – трыма кашамі, поўнымі грыбоў. Заважыла гэта “шчасце” аж 15 кілаграмаў! Мікіта абышоў сваіх сапернікаў з вялікай перавагай. Так, прадстаўнік Шчарчоўскага сельсавета Мікіта Несцярук назбіраў 10,8 кілаграма грыбоў і заняў другое месца. А Юрый Дронь, якому дасталася “бронза”, прынёс з “ціхага палявання” 7,5 кілаграма дароў лесу. 

Дарэчы, сабраныя ўдзельнікамі грыбы мог набыць любы госць фестывалю. Вядома, не задарма. Кілаграм чырвонагаловікаў каштаваў на свяце 4 рублі. Купіць жаданых баравікоў мне так і не пашчасціла: удзельнікі конкурсу адзначылі, што белых грыбоў траплялася няшмат – і тыя чарвівыя. Самая папулярная здабыча – чырвонагаловікі ды лісічкі. 

Тыя, хто любіць вострыя эмоцыі, не засталіся на свяце без сюрпрызу: для іх арганізатары падрыхтавалі спаборніцтва лесарубаў. На ўдзел у конкурсе было заяўлена 6 чалавек ад розных лясніцтваў Пружаншчыны. Мужчыны павінны былі выканаць практыкаванне пад назвай “рубка сякерай”.

Трэба адзначыць, што заданне для ўдзельнікаў было не з лёгкіх: яно мае мноства крытэрыяў ацэнкі і нават уваходзіць у праграму нацыянальных чэмпіянатаў лесарубаў Беларусі. Аднойчы дысцыпліна была ўключана і ў праграму Сусветнага чэмпіянату лесарубаў.

Задача ўдзельніка спаборніцтва – рассекчы ствол дрэва дыяметрам ад 14 да 17 сантыметраў за як мага карацейшы час. Участак, у межах якога трэба секчы, абазначаецца клейкай стужкай. Хранометр спыняецца, калі бервяно распадаецца на дзве часткі. Балы адымаюцца за ўдары сякеры па-за межамі вызначанага ўчастка, а таксама за рассячэнне клейкай стужкі. Забаранялася раздзяляць бервяно без выкарыстання сякеры – напрыклад, нагой. Асаблівую ўвагу суддзі звярталі і на тое, як удзельнікі выконвалі патрабаванні мер бяспекі.

Толькі суддзі сабраліся назваць імёны пераможцаў, як “з народу” выйшаў яшчэ адзін чалавек – ён таксама вырашыў праверыць свае моц і стойкасць. На просьбу суддзяў прадставіцца сціпла адказаў: “Павел Паўловіч, у гэтым спаборніцтве лічыце мяне лесарубам-аматарам. Па родзе дзейнасці я індывідуальны прадпрымальнік”. Пасля хуценька падбег да бервяна, спрытна схапіў сякеру і… паказаў выдатны вынік! Паўлу дасталося другое месца – пальму першынства ён саступіў толькі Аляксею Вакульскаму, які выступаў ад Мокраўскага лясніцтва.

Ну, а што спяшаецца зрабіць грыбнік, калі вяртаецца з паспяховага “ціхага палявання”? Безумоўна ж, фотаздымак са сваім грыбным “шчасцем”. Удзельнікі фестывалю мелі магчымасць не толькі зрабіць фота, але і даслаць яго на конкурс пад назвай “Ледзь дадому данёс – грыбоў цэлы воз”.Так, жыхар Бакуноў Генадзь Лапука сфатаграфаваўся на фоне грыбнога ўраджаю, які складаўся з 556 чырвонагаловікаў! 

Паколькі свята ў Крыніцы было працяглым, госці фестывалю паспелі як след прагаладацца. Гэтую праблему вырашыў кулінарны конкурс “Усе смакі лесу ў крыніцкіх далікатэсах”, падчас якога праходзіла дэгустацыя лепшых грыбных страў. Заяўкі на ўдзел даслалі больш за 10 кулінарных груп. Напрыклад, “Дваровае аб’яднанне гаспадынь” з аграгарадка Калядзічы прэзентавала багатае меню з разнастайных кулінарных вынаходніцтваў. Госці паспрабавалі беларускую пражаніну – запечанае ў гаршчочку мяса з грыбамі і гароднінай, а таксама грыбны суп “Каля дзічы”. Былі тут і бульбянка з грыбной запраўкай, і блінныя мяшочкі з грыбамі, вяндлінай і сырам. Удзельнікі конкурсу, якія прэзентавалі “Калабузскія прысмакі”, прыгатавалі для гасцей цудоўны сытны грыбны торт.

Падсілкаваўшыся смачнай духмянай ежай, працягваем блукаць па фестывальных сцежках. У праграме свята – конкурс вырабаў “Грыбнымі сцежкамі”. Так, Алёна Мароз з Аранчыц паведаміла, што ўдзельнічае ў фестывалі другі раз і прадстаўляе творчасць аматарскага аб’яднання “Жураўка” Аранчыцкага сельскага дома фальклору. У грыбную сталіцу Алёна прывезла лепшыя свае вырабы: тут вам і дрэўка з манетак ды саломкі, і розныя вышыванкі на лясную тэматыку, фігуркі грыбоў і жывёл – усё нібыта жывое. Ды перамог у конкурсе Яўген Жураўскі з вёскі Зеляневічы, ён займаецца разьбой па дрэве. Гледачоў і суддзяў Яўген здзівіў разнастайнасцю і казачнасцю сваіх вырабаў, выкарыстаннем фальклорных матываў.

Госці фестывалю маглі не толькі атрымаць асалоду ад вынікаў творчай працы майстроў, але і паспрабаваць сябе ў розных відах мастацтва. Праводзіліся майстар-класы па традыцыйных народных рамёствах: пляценні з лазы і саломкі, ткацтве, вырабе абярэгаў, роспісе па шкле.

Застаецца дадаць, што пераможцы конкурсаў атрымалі заслужаныя падарункі. Сярод іх – кававаркі, блэндары, іншыя неабходныя ў гаспадарцы рэчы. Для гасцей фестывалю арганізатары падрыхтавалі музыкальны “прэзент” – канцэрт “Рэха пушчы” з удзелам артыстаў Гайнаўскага Дома культуры і калектыву “Куранты” з Бяла-Падляскі (Рэспубліка Польшча).Да таго ж, фестываль “Крыніца – грыбоў сталіца” праводзіўся ў адпаведнасці з праектам “Стварэнне кансорцыума “Мясцовая ініцыятыва” з мэтай аб’яднання намаганняў дзяржаўных арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў і бізнесу для вырашэння мясцовых ініцыятыў, накіраваных на ўстойлівае развіццё Пружанскага раёна”.