• Независимый информационно-туристический портал Беловежской пущи, Беларусь, аг. Каменюки
  • info.npbp.by@gmail.com
Назад к списку

У памяці не толькі драўлянага люду… 

Прыціхлая пушчанская вёсачка Стойлы зноў напоўнілася людской гамонкай. Выхадцы з гэтых мясцін і ўсе, хто ведаў і любіў народнага майстра Рэспублікі Беларусь і самага знакамітага жыхара Стойлаў — Мікалая Васільевіча Тарасюка, з’ехаліся сюды на вечар успамінаў “Драўляны люд не забудзе свайго майстра”.


Устаноўка помніка на магіле майстра на могілках у Вяжным стала нагодай сабрацца ўсім нераўнадушным да яго асобы і творчасці людзей на ягонай малой радзіме.

Ініцыятыву родных Мікалая Тарасюка падтрымаў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, які арганізаваў прыезд у Стойлы творчых калектываў раёна і народных умельцаў. Перад хатай майстра разгарнулася выстава вышыванак, размаляваных шклінак і плеценых кошыкаў. А наваколле ажывіла добрая народная песня.

Адкрываючы вечар успамінаў, дачка майстра Лідзія Мікалаеўна Шчука найперш запрасіла ўсіх у музей “Успаміны Бацькаўшчыны”, які быў адкрыты яшчэ пры жыцці Мікалая Тарасюка. Працы, быту, абрадам беларускіх сялян ён прысвячаў цэлыя кампазіцыі, пераважна з дрэва. І хоць на дадзены момант экспанатаў тут не вельмі шмат, было выказана спадзяванне, што музей запрацуе ў поўную моц.

Пра гэта гаварыў і настаяцель Свята-Мікалаеўскай царквы ў в.Вяжное айцец Георгій — з надзеяй, што творчасць легендарнага майстра разьбы па дрэве Мікалая Тарасюка знойдзе свой працяг. З ім былі салідарны былая загадчыца клуба ў в.Галасяціна А.У. Дзешка, былая загадчыца філіяла райспажыўтаварыства “Стымул” Р.А.Бульчук, дырэктар музея-сядзібы “Пружанскі палацык” Ю.С. Зялевіч, якія выказалі шкадаванне, што ўсе мы страцілі не толькі неардынарнага чалавека, але і сапраўднага носьбіта беларускай культуры.

— Я думаю, — сказала загадчыца аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Л.М.Быцко, — што сёння Мікалай Васільевіч быў бы шчаслівы бачыць у сябе ў гасцях столькі людзей. Сама неаднаразова прывозіла да яго дэлегацыі, і ён заўсёды з вялікім энтузіязмам распавядаў пра творчасць, пра жыццё.

Які гэта быў добры і адкрыты чалавек, асабліва задушэўна расказвалі дачка Мікалая Тарасюка Л.М.Шчука і яго малодшая сястра В.В.Данілюк.

— Ён вельмі шанаваў гасцей і сустракаў іх з песнямі, — казалі яны. – Наогул, не даводзілася больш бачыць чалавека, які б так любіў людзей і зямлю! Нездарма паўтараў, што жыве для народа.

Пра неверагоднае жыццялюбства гэтага чалавека ўзгадвалі ўсе без выключэння прысутныя на вечары ўспамінаў. А некаторыя, як, напрыклад, пружанская паэтка Н.В.Дыдышка, не ўстрымаліся, каб не прачытаць вершаваныя радкі.

Над Стойламі разносіліся цудоўныя песні ў выкананні аматарскага аб’яднання “Смаляначка”, вакальнай групы “Пружаначка”, народнага фальклорнага калектыву “Бабіна лета”. Аматары народных танцаў выбівалі “Лысага” і “Кракавяк”. Не абышлося дзейства і без “Марусі” – адной з найбольш шануемых лялек дзеда Тарасюка.

Вось толькі яго самога не было побач... Аднак жыве памяць пра гэтага цікавага чалавека і знакамітага майстра. Лідзія Мікалаеўна спадзяецца, што і надалей удасца наладжваць падобныя сустрэчы-ўспаміны. Але відавочна: памяць пра майстра будзе заўсёды жыць у яго работах.