• Независимый информационно-туристический портал Беловежской пущи, Беларусь, аг. Каменюки
  • info.npbp.by@gmail.com
Назад к списку

 Арыгінальная культурна-забаўляльная праграма зрабіла "Савіны фэст - 2015" незабыўным (ФОТАФАКТ)

Канец восені – гэта час, калі ўся прырода замірае і рыхтуецца да зімы. Але ў вёсцы Залессе, што знаходзіцца ў Белавежскай пушчы, на ўскрайку балота “Дзікое”, у апошнія выходныя кастрычніка было ўсё інакш.


З самага ранку ў “савіную” вёску пачалі з’язджацца людзі з усёй краіны. Некаторыя ехалі нават з сям’ёй. І галоўнай падставай таму паслужыў штогадовы “Савіны фэст”. 

Па словах Сяргея Сідарука, аднаго з арганізатараў свята, час для мерапрыемства быў вызначан не выпадкова: “Совы з Беларусі звычайна не злятаюць у зімку, таму такога кшталту фестывалі лепш праводзіць восенню. Такім чынам мы можам сумяшчаць навукова-пазнавальную праграму з культурна-забаўляльнай, і даволі гучная музыка зусім не патурбуе начных жыхароў лясоў”. 

Сімвалам “Савінага фэста – 2015” стала выбраная Грамадскай арганізацыяй "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) птушка мінуючага года – вушатая сава. Таму Дзяніс Кіцель на працягу майстар-класа прадэманстраваў як пры дапамозе звычайных інструментаў і непатрэтных дошак змайстраваць хатку для вушастай савы сваімі рукамі змогуць нават дзеці. 

Пасля майстар-класу Дзяніс адзначыў, што “Вушастая сава сама сабе гнёздаў не будуе, а выкарыстоўвае гатовыя, гаспадарамі якіх з'яўляліся сарокі, варОны, вОраны, гракі. А ў асобных месцах назіраецца дэфіцыт падобных пабудоў, і вось тут мы можам саве спатрэбіцца!”.image009Сіламі удзельнікаў фэсту былі пабудаваны дзве штучныя хаткі для Птушкі года – 2015. 

Сумаваць ў Залессі нікому не давялося.

Адразу пасля будаўніцтва хатак аматараў дзікай прыроды чакала Маша, якая падрыхтавала майстар-клас па народным танцам.

Пад гукі сярэднявечнай музыкі ўстаяць на месцы, было амаль што не магчыма. Майстар-клас настолькі спадабаўся, што акрамя “маразулі” госці Залесся навучыліся танчыць яшчэ і “літоўскі вальс”. 

Музыка не сціхала да самай ночы. 

А пакуль на галоўнай сцэне ў «савінай» вёсцы збіраліся музыкі, кожны жадаючы мог адведаць сапраўдную пушчанскую гарбату, якой частавалі гаспадары аграсядзібы “Лясная”. 

І вось на сцэне з’язўляецца Настасся Хмель, мясцовая дзяўчынка, якая ў сваёй творчасці змагла спалучыць гарлавы спеў з характэрнымі і ў той жа час мудрагелістымі гукамі гітары, што заставіла слухачоў вярнуцца на некалькі вякоў назад і адначасова не забываць сапраўднае жыцце. Следам за Настай на сцэне з’явіліся яе сябры. Зусім раптоўна замест сольнага канцэрта, мы сталі сведкамі стварэння, хоць і на адзін дзень, новага музычнага гурта. 

На вуліцы восень, прырода замерла, і нам не дастае цяпла і святла. Аднак сонца нікуды не сыходзіць: яно застаецца ў нашых сэрцах і ў музыцы. Менавіта гэта і даказалі музыкі на “Савіным фэсце”, а максімальная канцэнтрацыя пазітыву ў апошні восеньскі вечар была адзначана на поўначы Белавежскай пушчы.

Асаблівасць музыкаў ў тым і палягае, што яны не прытрымліваюцца канкрэтных стылістычных напрамкаў. Яны імправізавалі, што было нечаканым для ўдзельнікаў фэсту. 

Новы этна-транс-фолк-рок-праект здзівіў сваімі смелымі эксперыментамі. Музыка сапраўды атрымалася незвычайнай. Яна разбіла стэрэатып, што склаўся ў нашым уяўленні аб народных песнях. Тэксты і мелодыі сапраўды ўзятыя з фальклору, але вось апрацоўка - сучасная, фатальная. Атрымалась арыгінальна. 

Апошняй кампазіцыяй, якую пачулі ад новаутвораннага музычнага гурта, стала пераробленная на сучасны лад песня мясцовых жыхарак бабы Валі і бабы Мані. Яны так сама прысутнічалі на канцэрце і адразу ж пазналі знаёмыя з дзяцінства ноты.

Канцэрт на гэтым не скончыўся. 87-гадовыя бабулькі ўзялі ў рукі мікрафон і пачалі спяваць песні сваёй маладосці. Адна з песен прагучала на нямецкай мове.Далей свой новы праект “Triangle” прадставіў Андрэй Апановіч з Мінска. 

Спачатку яго проста слухалі, потым на імправізаваны танцпол сталі выходзіць першыя пары, і, нарэшце, усё вакол закруцілася і замігацела ў віхуры вясёлых найгрышаў.

На двары вечарэла, але каля сцэны станавілася горача, і зусім не ад вогнішча. 

Услед за выступам Андрэя пачалася этна-дыскатэка з DJ Gandharva dub-ambient-ethno. Мелодыя атрымалася мяккай, лагоднай, лірычна-карчомнай і адначасова заліхвацка-танцавальнай. “З першых гукаў выступу публіка ўзялася танчыць так, што падлога ходырам хадзіла” – распавёў музыка.

Сцямнела. Настаў самы спрыяльны час для якасных прэзентацый у тэму фестываля. Аляксандр Іваноў распавёў нам пра соў Выганашчанскага краю. Найбольш за ўсё здзівіла тое, што навукоўцы надаюць вялікую ўвагу не толькі совам, але ж і мышавідным грызунам. Спецыяльна для іх супрацоўнікі заказніка будуюць падкормавыя пляцоўкі. Для гэтага выкашваюць забалочанныя тэрыторыі, на якіх робяць імправізаваныя стажкі з трох слаёў: лаза і хмызняк, скошаннае сена і кукуруза. І так некалькі разоў. А адзіны стажок робяць крыху большым па памерах за іншыя. Унутры стажок пусты, таму з’яўляецца найлепшым месцам назірання за драпежнымі птушкамі для фатографаў-анімалістаў. 

А вось Карына Салавей не толькі вельмі падрабязна расказала пра Птушку года – 2015, але яшчэ па завяршэнні правяла віктарыну з слухачамі. Кожны з тых, хто правільна адказваў на пытанні быў узнагароджаны памятным падарункам ад Грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны". 

Але самае цікавае заставалася наперадзе.А 21-й гадзіне, калі начное зорнае неба асвятляў старэючы месяц і згараючыя ў атмасферы метэарыты, прафесійныя арнітолагі разам з заахвочаннымі бердвочарамі, узбараніўшыся ліхтарыкамі і магнітафонам з аўдыёзапісамі гукаў усіх відаў соў, якія жывуць на тэррыторыі Белавежскай пушчы, адправіліся ў лес.Перед пачаткам экскурсіі Сяргей Сідарук разам з Дзянісам Кіцелем расказалі методыку назірання за совамі. Найбольшую ўвагу яны надавалі цішыні, якая павінна быць не парушанай на кожнай з кропак назірання.Маршрут пралягаў па лясной сцяжынцы ад вёскі Залессе да вёскі Юзэфін. Нягледзячы на невялікую працягласць маршрута, раслінныя фармацыі мясцовага лесу змяняліся амаль што праз кожную сотню метраў. На першай кропке для назірання на ўскрайку вёскі Залессе ні пачуць, ні забачыць соў нажаль не давялося. 

Дзяніс Кіцель праз некалькі хвілін чакання начных драпежнікаў паведаміў, што спачатку мы будзем спрабаваць выманіць меншых па памерах соў, а пасля ўжо астатніх. “Гэта робіцца для таго, каб гукі буйных па памерах птушак не спалохалі маленькіх, напрыклад такіх, як вераб’іны сычык ці вушатая сава”, - дадаў арнітолаг.Калі малады сасновы лес пачаў пераходзіць у стараўзроставы, група зноў прыпынілася. Арнітолагі расказвалі, што на гэтай тэрыторыі шмат дрэў з дупламі. А калі некалькі ліхтарыкаў былі накірованы ўверх, адно з іх бердвочарам пашансавала адшукаць. У дупле адразу нешта заварушылася, а праз некалькі імгненняў там з'явіўся вялікі дзяцел.

Але не дзяцел быў галоўнай мэтай блукання па лесе. Мы рушыліся далей.Яшчэ некалькі спроб знайсці соў скончыліся безвынікова. Мы набліжаліся да вёскі Юзэфін у надзеі сустрэць крылатых драпежнікаў. Пачалі глядзець ўверх. Верхавіны паўвекавых ялін і сосен, прывідна асветленыя зоркамі, блішчалі і дыміліся, нібы былі нацёртыя фосфарам. Яны былі велічэзна высокія. У адказ на запіс магнітафона пачуліся гукі савы. Сяргей Сідарук выказаў здагадку, што гэта барадатая кугакаўка. Усе пільна глядзелі на кроны дрэў. Але яшчэ вышэй было неба. Там дрыжала і пералівалася некалькі такіх чыстых сузор'яў, нібы яны былі выгранены з самых лепшых і самых буйных алмазаў у свеце.Вузкія ледзяныя праменні ліхтароў часам слізгалі па кронах. А вакол стаяла велічэзная цішыня, якая здавалася вышэй лесу, вышэй зорак і нават вышэй самага чорнага бяздоннага неба. І раптам у гэтым небе з’явіўся сілуэт птушкі. 

Здагадкі Сяргея пацвердзіліся. Насамрэч да нас прыляцела барадатая кугакаўка. Зрабіўшы некалькі кругоў над бердвочарамі, драпежніца паляцела ў бок вёскі і яшчэ доўга адгукалася, але больш не паказвалася.Па вяртанні ў Залессе фэст працягнуўся абмеркаваннем вынікаў дня ля вогнішча. 

Нагадаем, што ў гэтым годзе фэст праходзіў пры падтрымцы ДПУ НП “Белавежская пушча”, Пружанскага райвыканкама, Грамадскай арганізацыяй "Ахова птушак Бацькаўшчыны".