• Інфармацыйна-турыстычны партал Белавежскай пушчыБеларусьвёска Белая, дом 6225063
  • info.npbp.by@gmail.com
Назад к списку

Селекцыйны цэнтр па развядзенні зуброў з’явіцца ў Белавежскай пушчы 

Пра гэта расказаў вядучы навуковы супрацоўнік нацыянальнага парку Аляксей Буневіч. 


Паводле слоў спецыяліста, ужо зроблены, як мінімум, першы крок – падрыхтавана праектная дакументацыя. Але немалаважна вырашыць і фінансавыя пытанні.

Гаворка аб стварэнні цэнтра вядзецца апошнія пяць гадоў. Вучоныя настойваюць — пасля нарошчвання колькасці віду прыйшоў час пагаварыць пра якасць: усе нашы зубры — патомкi 12 асобін і знаходзяцца ў блізкароднасных сувязях. А значыць, трэба адабраць лепшых. 

Пакуль спецыялісты збіралі генетычны матэрыял мёртвых і адстраляных зуброў. У «скарбонцы» даных — каля сотні асобін. Далей, абяцае Аляксей Буневіч, пачнецца праца па адборы лепшых.

Уцэлым нават для пушчы колькасць зуброў стала крытычнай, кажа ён. Пры аптымальным паказчыку дзесьці ў 350 зуброў тут пражываюць 512 асобін, якія ў год даюць прыплод 50—60 цялят. 

— У пушчы ўжо пайшлі на тое, каб рассяліць жывёл — створана пяць месцаў пражывання, кажа зубразнавец. Дарэчы, гэта ўжо дало свой плён — хворых асобін стала менш.

Да змены месца жывёлы адаптуюцца добра, запэўнівае навуковец, галоўнае — стварыць умовы. У прыватнасці, падкормліваць.

— Калі не — пойдуць граміць палі. І без таго больш за 50 працэнтаў туды выходзяць зімой. Пакутуюць азімыя. Да нас нярэдка звяртаюцца работнікі сельскай гаспадаркі.

Зрэшты, гэтая праблема не адзіная. Часцяком лясныя волаты, пераходзячы з месца на месца, становяцца ўдзельнікамі ДТЗ і гінуць у iх. Дні чатыры таму так загінуў адзін самец. 

Вырашыць усе праблемы, на думку Аляксея Буневіча, змог бы план кіравання зубрам.