• Информационно-туристический портал Беловежской пущиБеларусьдеревня Белая, дом 6225063
  • info.npbp.by@gmail.com

Навуковы адзел

Навуковы аддзел вядзе сваю гісторыю з моманту арганізацыі Беларускага дзяржаўнага запаведніка “Белавежская пушча” ў 1939 годзе. Дзякуючы імкненню навукоўцаў дэталёва фіксаваць усё, што адбываецца, яго гісторыя можа быць напісана найбольш падрабязна, адлюстроўваючы этапы станаўлення і развіцця ўсёй установы.

Да навуковай работы запаведнік прыступіў у маі 1940 года. Да даследаванняў былі запрошаны вядучыя навуковыя работнікі Беларускага лесатэхнічнага інстытута і Беларускага навукова-даследчага інстытута лясной гаспадаркі. Вялікую дапамогу аказалі і накіраваныя Прэзідыумам Акадэміі навук СССР летам 1940 года вядомыя навукоўцы, якія дапамагалі станаўленню навуковых даследаванняў.

Да пачатку 1941 года ў запаведніку сфарміраваўся невялікі навуковы калектыў, здольны вырашаць навуковыя і практычныя задачы. Але распачатыя даследаванні былі перапынены вайной, падчас якой загінулі як некаторыя выканаўцы тэм, так і сам дырэктар запаведніка П.П. Сямашка.

Пасля вайны навуковая праца ў пушчы аднавілася практычна адразу пасля яе вызвалення ад нямецкіх захопнікаў. У 1945 годзе тут ужо працавалі экспедыцыі шэрагу ўстаноў, накіраваных АН СССР.

Стаў фарміравацца і навуковы аддзел у Белавежскай пушчы. І хоць у штаце запаведніка да пачатку 1946 года знаходзіўся ўсяго адзін навуковы супрацоўнік (В.Г. Прохараў, батанік), да канца года былі прыняты яшчэ два – заолаг В.Ф. Гаўрын і батанік В.М. Нікалаева. Але амаль да 1960-х гадоў пераважалі працы, якія мелі экспедыцыйны характар, што выконваліся, у асноўным, камандзіраванымі ў пушчу навукоўцамі з розных гарадоў Савецкага Саюза.

Да 1950 года колькасць навуковых супрацоўнікаў у запаведніку дасягнула сямі чалавек. Стала праводзіцца планамерная навукова-даследчая праца па вывучэнні яго флоры і фаўны, якая не спыняецца і сёння. Найбольш важная тэма даследаванняў была звязана з распрацоўкай навуковых асноў гадоўлі зуброў ва ўмовах вольнага ўтрымання. Гэтую працу праводзіў непасрэдна сам дырэктар запаведніка С.С. Данаураў. Але найбольш глыбока пытанні рэакліматызацыі зуброў сталі распрацоўвацца з прыходам у навуковы аддзел Л.Н. Корачкінай, якая стала заснавальнікам гадоўлі зуброў ва ўмовах вольнага ўтрымання.

У 1948 г. была адчынена метэастанцыя ў в. Камянюкі. Пачалося рэгулярнае вядзенне “Летапісу прыроды”, у якім фіксаваліся ўсе змены ў флоры і фаўне, клімаце, стане прыроднага асяроддзя, феналагічныя з’явы і многае інш.У пяцідзясятыя гады найбольш важныя даследаванні вялі В.Ф. Гаўрын, А.П. Крапіўны, А.М. Курскоў, Н.Ф. Крутагорскі, Б.З. Галадушка, Р.С. Булыгіна, А.П. Уцянкова, Б.М. Зефіраў.

На пасадзе дырэктара Раманава пасля змяніў навуковец-лесавод В.П. Раманоўскі. Яго намеснікам па навуцы быў С.Б. Качаноўскі, які ў далейшым змяніў Раманоўскага на пасадзе дырэктара. Гэты тандэм двух навукоўцаў аказаўся вельмі плённым. Навуковы аддзел пад кіраўніцтвам С.Б. Качаноўскага не проста добра праводзіў даследаванні, але і год ад года пашыраў іх. Паколькі ў 1957 г., пры рэарганізацыі запаведніка ў запаведна-паляўнічую гаспадарку, навуковы аддзел быў выключаны з ліку даследчых устаноў, давялося прыкласці нямала намаганняў для вяртання гэтага статусу. Гэта адбылося ў 1969 годзе на падставе распараджэння Дзяржкамітэта Саўміна СССР па навуцы і тэхніцы (пратакол № 47 ад 14 жніўня 1969 г.) і рашэння Савета Міністраў БССР (пратакол № 1022р ад 8 кастрычніка 1969 г.).

У кароткі тэрмін навуковы аддзел ператварыўся ў магутную навуковую ўстанову. У ім працавала ўжо больш за пяцьдзясят чалавек, у тым ліку 37 навуковых супрацоўнікаў. Былі створаны тры даследчыя лабараторыі – “Экалогіі дзікіх жывёл” пад кіраўніцтвам Л.Н. Корачкінай, “Лесазнаўства” пад кіраўніцтвам В.Н. Толкача і “Абароны раслін” пад кіраўніцтвам С.Б. Качаноўскага. На базе навуковага аддзела планавалася стварэнне Інстытута біягеацэналогіі і экалогіі з 10 навуковымі лабараторыямі і штатам навуковых супрацоўнікаў каля 200 чалавек, што, на жаль, так і не было рэалізавана.

Быў праведзены шэраг міжнародных, усесаюзных і рэгіянальных нарад і канферэнцый, выкананы велізарны аб’ём навукова-даследчых і прыродаахоўных работ. Па матэрыялах даследаванняў стаў выдавацца зборнік навуковых прац “Белавежская пушча. Даследаванні”, выпушчана некалькі манаграфій, выдадзена больш за дваццаць навукова-папулярных кніг, брашур і буклетаў, апублікавана больш чым сто навуковых прац у саюзных і рэспубліканскіх выданнях, падрыхтаваны высокакваліфікаваныя кадры. 

У цэлым жа за час існавання ДЗПГ супрацоўнікі навуковага аддзела, акрамя згаданага зборніка, выпусцілі шэраг манаграфій, у тым ліку “Сарцавінная гніль асіны” С.Б. Качаноўскага, “Капытныя Белавежскай пушчы” Т.Б. Саблінай, “Флора Белавежскай пушчы” В.М. Нікалаевай і Б.М. Зефірава, калектыўную манаграфію “Белавежская пушча”, “Анатаваны бібліяграфічны паказальнік айчыннай літаратуры”, які ахоплівае перыяд з 1835 да 1983 год, матэрыялы трох савецка-польскіх канферэнцый па гадоўлі зуброў і інш.

З навукова-папулярных выданняў варта адзначыць “Мінулае і сучаснасць Белавежскай пушчы” Б.В. Кесцера і С.В. Шостака, “Рукакрылыя паляўнічыя” А.М. Курскова, “Запіскі натураліста" С.В. Шостака. Вялікім поспехам карысталася навукова-папулярная серыя, якая складалася з сямі кампактных кніжачак: “Музей прыроды” С.Б. Качаноўскага і В.А. Дацкевіча, “Гісторыя. Зубры” С.Б. Качаноўскага і Л.Н. Корачкінай, “Звяры” В.А. Дацкевіча, “Птушкі” В.А. Дацкевіча, “Насякомыя” Н.Г. Дзьячэнка, “Лясы” А.З. Стралкова, “Грыбы” П.К. Міхалевіча.

Да 1980 года ў гербарыі навуковага аддзела захоўвалася ўжо каля 7 тысяч гербарных аркушаў, якія налічвалі 844 віды кветкавых і вышэйшых споравых раслін, 140 відаў імхоў і лішайнікаў, 160 відаў інтрадукаваных дрэў і кустоў.

У перыяд уваходжання пушчы ў сістэму запаведна-паляўнічых гаспадарак, а пасля ў нацыянальным парку, у навуковым аддзеле пушчы, акрамя названых вышэй вядучых спецыялістаў, даволі доўгі час працавалі Л.Н. Корачкіна, В.М. Нікалаева, Я.А. Рамлаў, Б.В. Кесцер, Н.С. Смірноў, О.М. Грушэўская. В.А. Дацкевіч, Л.Я. Дворак, А.В. Падутава, Г.М. Маліноўская, Я.С. Русанаў, Д.В. Владышэўскі, В.М. Папенка, В. А. Пянькевіч, А.А. Пянькевіч, Ю.П. Качко, Ф.П. Качко, П.К. Міхалевіч, Л.В. Кірста, В.М. Толкач, Н.Г. Дзьячэнка, В.В. Татарынаў, А.З. Стралкоў, С.В. Шостак, П.Ф. Хімін, П.Г. Казло, А.М. Буневіч, В.П. Астапук, В.В. Семакоў, А.В. Дзенгубенка і іншыя супрацоўнікі.

У 1991 годзе Дзяржаўная запаведна-паляўнічая гаспадарка была пераўтворана ў Дзяржаўны нацыянальны парк “Белавежская пушча”. Але ў сувязі з агульным крызісам у краіне ў гэты перыяд навуковы аддзел практычна не папаўняўся кадрамі. Хапала толькі сіл для вядзення асноўных кірункаў даследаванняў, без якіх навуковая дзейнасць страчвала сваё значэнне. Гэта былі працы па захаванні і памнажэнні папуляцыі зубра, вывучэнні дынамічных працэсаў у лясных дрэвастоях і прычын, якія прама ці ўскосна ўплываюць на іх скіраванасць, а таксама асобных чырванакніжных аб’ектаў. Узначальвалі навуковы аддзел на пачатку перыяду станаўлення нацыянальнага парка спачатку В.Н. Толкач, а затым В.В. Семакоў.

У 2000-я гады ў навуковы аддзел прыйшоў шэраг маладых спецыялістаў, што дае надзею на далейшае яго развіццё. Як працяг ранейшых традыцый, зноў стаў выдавацца зборнік навуковых прац “Белавежская пушча. Даследаванні”. Праведзены шэраг Міжнародных канферэнцый, у тым ліку чатыры Міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі “Эколага-эканамічны механізм захавання біяразнастайнасці асабліва ахоўных прыродных тэрыторый”, канферэнцыя, прысвечаная ўсталяванню пачатку ўвядзення першых элементаў запаведнага рэжыму на тэрыторыі Белавежскай пушчы і іншыя, па выніках якіх апублікаваны матэрыялы і тэзісы. Супрацоўнікі Белавежскай пушчы (А.М. Буневіч) узялі ўдзел у падрыхтоўцы калектыўнай манаграфіі “Экалагічныя і ветэрынарныя аспекты зуброў у Беларусі”, а таксама манаграфіі “Зубр у Беларусі” (П.Г.Казло, А.М. Буневіч). Разам з геабатанічнай станцыяй Варшаўскага ўніверсітэта (Польшча) выдадзены “Atlas of alien woody species of Bialowieza Primeval Forest”, у якім прыводзіцца распаўсюджанне драўняных інтрадуцэнтаў на тэрыторыі Белавежскай пушчы (Adamowski W., Dvorak L., Romanjuk I.).

У цяперашні час для забеспячэння інфармацыйнай падтрымкі турыстычнай дзейнасці вялікая праца вядзецца па выдавецтве навукова-папулярнай літаратуры, кніг, брашур, даведнікаў, буклетаў, календароў, выяўленчых матэрыялаў і інш. Апублікаваны навукова-папулярныя кнігі В.В. Семакова “Белавежская пушча. 1902 – 2002”, Л.М. Корачкінай “Зубр Белавежскай пушчы”, В.В. Семакова і М.Д. Чэркаса “Белавежская пушча: старонкі гісторыі”, брашуры М.М. Бамбіза “Маёнтак беларускага Дзеда Мароза”, А.М. Буневіч “Уладар Белавежскай пушчы”, “Запаведныя месцы: Белавежская пушча” і шэраг іншых.

На 1 ліпеня 2014 года ў навуковым аддзеле працуюць 13 чалавек, з якіх два – кандыдаты навук. Узначальвае яго к.с-г.н. В.М. Арнольбік. Штогод супрацоўнікамі навуковага аддзела публікуецца 20 – 40 навуковых прац.Згодна з планам навукова-даследчых работ даследаванні выконваюцца па тэме: “Навуковыя асновы захавання біяразнастайнасці і кіравання прыроднымі комплексамі Белавежскай пушчы”.

Даследаванні накіраваны на захаванне біяразнастайнасці экасістэм Белавежскай пушчы, падтрыманне стабільнасці прыродных працэсаў, якія праходзяць у іх, інфармацыйнае забеспячэнне турыстычнай дзейнасці нацыянальнага парка, выкананне раздзелаў Плана кіравання нацыянальным паркам і заданняў Дзяржаўнай праграмы развіцця сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Рэспублікі Беларусь на 2008 – 2014 гг.

У міжнародным аспекце яны арыентаваны на выкананне ўмоў і рэкамендацый Рэзалюцыі Савета Еўропы па працягненні Еўрапейскага Дыплома і пашырэнні тэрыторыі аб’екта Сусветнай спадчыны.Найбольш цесныя кантакты падтрымліваюцца з вядучымі навукова-даследчымі інстытутамі рэспублікі, а таксама Белавежскім нацыянальным паркам (Польшча).