• Інфармацыйна-турыстычны партал Белавежскай пушчыБеларусьвёска Белая, дом 6225063
  • info.npbp.by@gmail.com

RUS 

Сядзіба беларускага Дзеда Мароза

Жывой казкай Белавежскай пушчы з’яўляецца “Сядзіба беларускага Дзеда Мароза”, дзе можна паглыбіцца ў чароўны свет, створаны ўмелымі рукамі майстроў – разьбяроў па дрэве. 

Сядзіба – гэта працяг чароўнай магіі старажытнага лесу, створаная людскімі рукамі казка, якая натуральна ўпісваецца ў яго каларыт.Сядзіба адчынілася 16 снежня 2003 года. Да гэтага часу брыгада разьбяроў па дрэве пад кіраўніцтвам вядомага майстра сваёй справы А.Л. Масла вырабіла шматлікія драўляныя скульптуры, мудрагелістай разьбой упрыгожыла будынкі, агароджы, стварыла практычна ўсе асноўныя скульптурныя кампазіцыі. 

У далейшым экспазіцыі памесця папаўняліся працамі майстроў І.Э. Мікулкі, І.А. Кушнерука і В.Н. Кошмана.Сядзіба займае амаль 15 гектараў. Гэта адно з самых прыгожых месцаў “пражывання” Дзеда Мароза, якіх цяпер нямала ў свеце. Упрыгожаныя карункавай разьбой дамкі, любоўна выкананыя скульптуры казачных персанажаў, багата ўбраная навагодняя ялінка, гірлянды з рознакаляровых лямпачак, якія зіхацяць тысячамі агнёў, ствараюць атмасферу свята, што ніколі не мінае, адчуванне чараўніцтва. 

Асабліва прыбрана выглядае дамок Дзеда Мароза з драўлянымі калонамі, упрыгожаны мудрагелістай разьбой і марозным роспісам на вокнах, увіты гірляндамі мініяцюрных лямпачак. Дым над трубой, кветкі і зелень каля дамка ў летнюю пару падкрэсліваюць яго жылы выгляд.Дзед Мароз круглы год сустракае гасцей у сваёй Сядзібе, чытае дасланыя яму лісты і адказвае на іх, падтрымлівае парадак у сваіх уладаннях. 

Для кожнай пары года ў яго прыгатавана рознае адзенне.Многія аб’екты Сядзібы – Церам Снягуркі, Чароўны Млын, які ператварае дрэнныя ўчынкі ў пыл і пясок, паляна Дванаццаці Месяцаў, жывая Навагодняя Ялінка вышынёй 11 метраў, алея знакаў Усходняга Календара і іншыя – маюць свае легенды, гісторыі і павер’і. У Сядзібе можна загадаць самыя патаемныя жаданні, папрасіць Дзеда Мароза дапамагчы ў іх выкананні. 

Памочнікі добрага чараўніка абавязкова ўручаць падарунак яго гасцям.Ля ўваходу ў Сядзібу можна праехацца на Навагоднім цягніку, а ў гандлёвых шэрагах каля стаянкі аўтобусаў купіць сувеніры, зайсці ва ўтульна абсталяваную “Хату Дзеда Мароза”, каб паесці бліноў і пакаштаваць разнастайныя стравы беларускай кухні. 

Для адпачынку абсталяваны шматлікія альтанкі, сталы пад навесамі і шатамі вялізных дрэў.Сёння “Сядзіба беларускага Дзеда Мароза” – самы вядомы турыстычны брэнд краіны. Штогод яё наведвае каля 150 тысяч чалавек.